25 сакавiка - Свята Незалежнасцi! БНР - 100 год.

15 марта 2018 -
25 сакавiка - Свята Незалежнасцi! БНР - 100 год.

25 сакавіка каля опернага тэатра ў Мінску пройдзе вялікае свята, прысвечанае 100-годдзю з утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Плануецца маштабнае мерапрыемства — арганізатары сёння расказалі пра праграму свята. Падрабязная і канчатковая праграма «Свята Незалежнасці» з мапай фестывалю будзе апублікавана за некалькі дзён да юбілейнай даты.

 

25 сакавіка ў 13:00 пачатак Урачыстага збору. З гэтага часу на галоўнай сцэне пачнецца музычная праграма з выступамі гуртоў «Мутнаевока» і Amaroka.

Паралельна на тэрыторыі фестывалю распачнуць працу тэматычныя пляцоўкі: пляцоўка «Вуліца БНР» з прэзентацыйнымі стэндамі і зонамі актыўнасцяў ад творчых, культурніцкіх, грамадскіх і палітычных арганізацый краіны; пляцоўка «Ежа БНР» з кропкамі харчавання, дэгустацыйнымі стэндамі, фуд-кортамі і беларускімі стравамі; пляцоўка «Кірмаш БНР» з сувенірамі і падарункамі ў нацыянальным стылі, беларускамоўнай літаратурай і настольнымі гульнямі, прэзентацыяй разнастайнай прадукцыі да 100-годдзя БНР; пляцоўка «Дзеткі БНР» з адукацыйна-забаўляльнымі заняткамі для дзетак, гульнямі і аквагрымам у нацыянальным стылі.

У 14:00 пачнецца ўрачыстае адкрыццё «Свята Незалежнасці».

У межах урачыстай часткі запланаваны выступы запрошаных гасцей свята, зачытванне 3-й Устаўной граматы, тэатральна-музычная праграма з удзелам акцёраў «Свабоднага тэатра» і музыкаў. Спявачка Таццяна Грыневіч і мужчынскі хор Headspring выканаюць нацыянальныя гімны беларусаў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Магутны Божа» і «Пагоня».

З 15:00 да 19:00 на галоўнай сцэне запланаваны выступы Ігара Варашкевіча і гурта «Крама», Касі Камоцкай з песнямі гурта «Новае Неба», Пятра Клюева з беларускамоўнымі хітамі XXI стагоддзя, лідара гурта «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага, папулярных гуртоў Akute, РСП, Dzieciuki. Выступы яшчэ некалькіх вядомых гуртоў будуць аб’яўлены за некалькі дзён да 25 сакавіка.

У межах свята адбудзецца і прэзентацыя новай песні Лявона Вольскага, прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння БНР. Але ў фармаце тэлемоста.

— Я маю быць на сцэне а 17-й па Варшаве (18-я ў Беларусі). Выступіць у Мінску а 14-й, даехаць і перасекчы мяжу я проста не паспею. Разам з арганізатарамі свята каля Опернага мы абмяркоўвалі нават варыянт з гелікоптэрам, але міжнароднага аэрапорта ў Беластоку няма, а з Варшавы ці Гродна даехаць ізноў не паспяваю. Таму я заспяваю ў Мінску ў варыянце тэлемоста. Адбудзецца прэзентацыя маёй песні, прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння БНР. Я разумею, што гэта не тое самае, што быць на гэтым канцэрце асабіста, але, перабраўшы ўсе варыянты, хачу ўзяць удзел хаця б такім чынам. Бо гэта наша агульнае свята, і нават такія абставіны не мусяць нас раз’яднаць у гэты дзень. Мы працягваем шукаць іншыя варыянты выступіць у Беларусі ў межах свята і, калі іх знойдзем, абавязкова паведамім вам, — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Лявон Вольскі.

Галоўная пляцоўка фестывалю будзе абсталявана вялікімі экранамі з трансляваннем выступаў гасцей і музыкаў на сцэне, відэавіншаваннямі ад паважаных беларусаў з усяго свету, праектаваннем тэкстаў песень падчас «Спеўнага сходу» ды іншай святочнай візуалізацыяй.

Уваход на мерапрыемства вольны. Набыць сімвалічны квіток і падтрымаць падрыхтоўку «Свята Незалежнасці» можна на Talaka.by.

Присоединяйтесь к нашему сообществу viber.png
Рейтинг: NAN Голосов: 0 1873 просмотра
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!